Часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя "Кастравіцкія"


10 верасня 2020 г. у 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “КАСТРАВІЦКІЯ”, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Гіёма Апалінэра.

Шляхецкі род Кастравіцкіх у ХІХ ст. даў дзве знакавыя асобы, творчасць якіх паўплывала на далейшае развіццё беларускай і еўрапейскай літаратуры і культуры ХХ ст.

Гіём Апалінэр (сапр. Гіём-Альберт-Уладзімір-Аляксандр-Апалінарый Кастравіцкі; 26.08.1880 – 9.11.1918) – паэт, мастацтвазнавец, графік, удзельнік суполкі “Манпарнас” (Montparnasse) разам з Пабла Пікаса, Андрэ Брэтонам, Андрэ Дэрэнам, П’ерам Рэвердзі, Жанам Както, Маркам Шагалам, Анры Русо і інш., аўтар тэрміна “сюррэалізм”, адзін з самых вядомых эксперыментатараў у літаратуры ХХ стагоддзя.

Карусь Каганец (Казімір-Рафал Каралевіч Кастравіцкі (29.01(10.02).1868 – 20.05.1918) – паэт, драматург, мовазнавец, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ ст.

І сёння род Кастравіцкіх працягваецца ў сям’і Мачарскіх, падданых Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. На адкрыцці выставы “КАСТРАВІЦКІЯ” да прысутных звернецца нашчадак роду па матчынай лініі Джэрэмі Мачарскі – аўтар кніг “A Man of Power and a Goblin on a Fork” (“Асілак і гарэза”) і “The Flight of Eagles” (“Палёт арлоў”), якія распавядаюць пра гісторыю яго сям’і, знакамітых продкаў. Кнігу “Паэзія ў крыві” (“The Poetry in the Blood”) Джэрэмі ўклаў не толькі з твораў Гіёма Апалінэра і Каруся Каганца, а і іх нашчадкаў, таксама не абдзеленых літаратурным талентам.

Побач з прадметамі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і рэчамі сям’і Мачарскіх у экспазіцыі “КАСТРАВІЦКІЯ” будуць прадстаўлены матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прыватных калекцый.

Аўтар ідэі – Уладзімір Шчасны
Аўтар мастацкай канцэпцыі – Генадзь Чысты
Куратар праекта – Эліна Свірыдовіч
Куратар экспазіцыі – Вольга Гулева

Партнёрамі праекта выступаюць:
˗ Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
˗ Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
˗ Нацыянальная бібліятэка Беларусі
˗ Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур
- Галерэя “Прадмесце”

Мерапрыемства адбудзецца пад патранатам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Для наведвальнікаў экспазіцыя будзе дзейнічаць з 11 верасня 2020 г.
Запрашаем у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры па адрасе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13.
Тэлефон для даведак: (017) 334-56-21.

846