Літаратурная сустрэча «Подзвіг слаўны ў вяках»

27 красавіка ва УК «Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей» прайшла літаратурная сустрэча «Подзвіг слаўны ў вяках», прысвечаная святкаванню 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Госцем літаратурнай гасцёўні стаў паэт Іваноўскі Мікалай Пятровіч, чые сваякі таксама ваявалі.


"Не абышла бокам вайна і наш род, род Іваноўскіх-Лявусікаў. Мой дзед, бальшавік-падпольшчык Мікалай Хведаравіч Іваноўскі, расстраляны ў свае сорак восем гадоў у 1942 годзе ў Крынках (Польша). Загінуў ад бомбы ля Варшавы матулін брат Лявусік Пётр Іванавіч. Патрапіў у палон і ўсю вайну працаваў у канцлагеры другі матулін брат Лявусік Іван Іванавіч. Была вывезена ў рабства ў Германію сястра мамы Лявусік Зінаіда Іванаўна. І гэты спіс можна прадаўжаць імёнамі радні, сваякоў, суседзяў-аднавяскоўцаў, проста знаёмых...", – узгадвае М.П.Іваноўскі


Мікалай Пятровіч, як творчая асоба, не мог з дапамогай сваёй творчасці не прайсціся па вогненных дарогах сваіх бацькоў і дзядоў і 27.04.2024 г. прадставіў публіцы свой новы зборнік вершаў «Адгалоскі саракавых…». Тут кожны верш нагадвае і пра вялікую трагедыю нашага народа, і пра яго гераічную барацьбу.


"Сваю новую кнігу вершаў "Адгалоскі саракавых..." я прысвячаю памяці тых, каго няма сярод нас ад часоў Вялікай Айчыннай, і тым, хто і цяпер захоўвае памяць і стараецца цёплым слоўцам і справай увекавечыць памяць трагічных часоў-падзей", – піша ў сваёй новай кнізе аўтар.


Падтрымаць Мікалая Пятровіча на першай прэзентацыі кнігі прыехалі калегі-сябры, удзельнікі літаратурнага клуба “Экватар”, Інга Вінарская і Вячаслаў Корбут. Яны расказалі пра некаторыя этапы стварэння кнігі «Адгалоскі саракавых…» (дызайн, вёрстка), зачыталі найбольш любімыя вершы з новага зборніка Іваноўскага М.П. і падзяліліся сваёй творчасцю.

Прыемна адзначыць, што на мерапрыемстве прысутнічала моладзь – навучэнцы Гудзевіцкай СШ.

Сыходзяць у мінулае гады і дзесяцігоддзі, але, як бачым, у памяці людзей назаўжды застанецца подзвіг нашага гераічнага народа, які атрымаў перамогу ў 1941-1945 гадах. Наша задача – зберагчы памяць пра подзвігі герояў і перадаць гэта наступным пакаленням.

50