Выстава «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі...»


Выстава «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі...» (выданні з дароўнымі надпісамі са збору НПГКМЗ) прымеркавана да 30-годдзя Музея беларускага кнігадрукавання. У экспазіцыі прадстаўлены выданні з дароўнымі надпісамі Музею, якія ў розны час і пры розных абставінах пакінулі на старонках кніг іх аўтары, мастакі, выдаўцы, прадстаўнікі арганізацый і афіцыйныя асобы.

На выставе можна ўбачыць матэрыялы, звязаныя з падрыхтоўкай да адкрыцця Музея беларускага кнігадрукавання, кнігі з першых паступленняў з дароўнымі надпісамі музею. Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць кнігі з надпісамі вядомых беларускіх пісьменнікаў і мастакоў, а таксама выданні і аўдыёкнігі полацкіх аўтараў з іх аўтографамі. Праз розныя матэрыялы паказана супрацоўніцтва Музея беларускага кнігадрукавання з рознымі ўстановамі, выдавецтвамі, арганізацыямі.

Не толькі кнігі, але і фотаздымкі, першая кніга водгукаў і іншыя прадметы звязаны з адкрыццём Музея беларускага кнігадрукавання і пачатковымі гадамі яго працы. Фотахроніка Музея складаецца з фотаздымкаў розных гадоў, на якіх прадстаўлены асобныя аспекты музейнага жыцця.

1609