Я ПАЕХАЛА З ЛОЕВА... да 95-ых угодак Вольгі ЦЕРАШЧАТАВАЙ / навукова-даследчы і экспазіцыйна-выставачны праект да міжнароднага дня этнографа / 17 ліпеня


цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны музея бітвы за днепр
аддзел старажытнабеларускай культуры інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, ф‑ла цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры
нацыянальнай акадэміі навук беларусі
 
навукова-даследчы і экспазіцыйна-выставачны праект да міжнароднага дня этнографа / 17 ліпеня
 
Я ПАЕХАЛА З ЛОЕВА...
 
да 95-ых угодак нараджэння ў Лоеве заснавальніцы і першай дырэктаркі Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Вольгі ЦЕРАШЧАТАВАЙ
 
са збораў аддзела старажытнабеларускай культуры / Мінск
Музея бітвы за Днепр / Лоеў
прыватных збораў Юрыя Піскуна / Мінск
 
 
(Я паехала з Лоева... Да 95-ых угодак заснавальніцы і першай дырэктаркі Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Вольгі Церашчатавай / навукова-даследчы і экспазіцыйна-выставачны праект да Міжнароднага дня этнографа [Электронны рэсурс] // Культура & Антрапалогія — 2021. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/56700. — Дата доступу: 17.07.2021)
 
 
Ужо традыцыйна — 17 ліпеня штогод, — наш невялічкі Музей неэтнаграфічнага профілю ладзіць даследніцкія выставачныя праекты і імпрэзы з акцыямі да Міжнароднага дня этнографа.
Дзень этнографа — свята даволі маладое, прымеркаванае да гадавіны нараджэння выбітнага этнографа Міколы Міклухі-Маклая. Свята быццам маладое — трошку старэйшае за наш музей, — яму яшчэ няма і 50 гадоў. Але ж што такое паўстагоддзі для міжнароднага фэсту этнографаў?!
Праўда, міжнароднасць яго збольшага абмежаваная абшарамі былога Савецкага Саюзу, дзе тое і нарадзілася. У далекіх Злучаных Штатах антраполагі адзначаюць сваё прафесійны дзень 19 лютага… Але ж фігура Міклухі-Маклая сапраўды міжнароднага маштабу…
 
Здаецца ж, пры чым тут да этнаграфіі ваенна-гістарычны музей?.. Дык жаж ні-пры-чым, так? Але адказ не такі і відавочны, як можа падацца.
Сёння этнаграфія, альбо яшчэ можна пачуць антрапалогія, сацыяльная ці культурная, гэта ўжо далёка не проста сяляназнаўства, якое вывучала “традыцыйную”  вясковую культуру канца ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзя.
Больш за тое, этнаграфія ў прынцыпе ніколі і не абмяжоўвала свае інтарэсы вузкім руральным колам, а з цягам часу да пытанняў палявых даследаванняў этнографаў трапляла ўсё больш і больш розных сфер. Варта прыгадаць толькі артантрапалагічныя штудыі выбітнага этнографа і антраполага Кліфарда Гірца. Там часта ў этнаграфічных даследаваннях мы можам пабачыць сляды міждысцыплінарнасці.
Так, сённяшняя класічная этнаграфія шмат у чым грунтуецца на здабытках этнаграфіі музейнай. А сама музейная даследніцкая работа, і не толькі фондавая, — гэта заўжды этнаграфічнае даследаванне чыстай вады. І палявое даследаванне, і камеральнае — без этнаграфічнай мятоды ў музейнай справе нікуды!
Зыркі прыклад асобы, якія з’яўляецца ўвасабленнем усяго вышэйсказанага пра этнаграфію як дысцыпліну і пра саміх этнографаў / мастацтвазнаўцаў / музеальнікаў як даследчыкаў з’яўляецца Вольга ЦЕРАШЧАТАВА.
 
У далёкім ужо 1926 годзе, 21 ліпеня ў мястэчку Лоеве нарадзілася дзяўчынка Воля. Менавіта тут, на стромкіх берагах, дзе Сож уліваецца ў Дняпро, і пачаўся ейны жыццёвы шлях — тут яна гадавалася, тут пайшла ў школу, тут спаткала сваё ўжо-амаль-дарослае-жыццё… Але раскрыцца таленту маладой дзяўчыны не было наканаванае на роднай зямлі — пасля таго, як ваенная навала адхлынула ад роднага мястэчка, васямнаццаці гадовая Вольга пакінула яго.
А вярнулася… толькі праз сорак гадоў — ужо вядомай і слыннай даследчыцай беларускай мінуўшчыны, кандыдаткай навук, аўтаркай мноства навуковых артыкулаў па гісторыі беларускай культуры і мастацтва і нават уласніцай сваёй першай, але не апошняй манаграфіі (да друку ўжо рыхтавалася і другая), супрацоўніцай інстытуту этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору Акадэміі навук БССР — загадчыцай аддзела і дырэктаркай цэлага музея пры ім…
Вярнулася не проста так — прыехала сюды ў экспедыцыю, каб вывучаць, даследаваць і захаваць спадчыну роднага малюткага Лоева, яго ваколіц… У музеі старажытнабеларускай культуры дагэтуль захоўваюцца прадметы з тэй экспедыцыі. Нейкія з іх можна будзе пабачыць і на нашай выставе. А яшчэ яна вярнулася, каб праведаць родных, якія тут засталіся і якіх так даўна яна не бачыла.
У сваім палявым дзённіку пані Вольга так і напісала:
“У Лоеве былі без 15 хв. 18. Забегла ў Райвыканкам — нам. старшыні няма. Забегла да маёй Лізы — бо гэта ж мая Радзіма — неяк самотна. Пайшла я ў 1944 годзе — ужо 40 гадоў, як паехала з Лоева. Засталіся толькі дзве старыя цёткі — матчыны сёстры — і сястра стрыечная…”.
І далей яна з цеплынёй піша пра роднае мястэчка:
“Уладкаваліся ў гатэлі даволі някепска з выгодамі па двое, а хлопцы ў трохпакаёвым. Паехалі да цёці Надзі, яна знайшла старасту і паехалі ў царкву. Царква бедненькая, але ж штось у ёй ёсць. За 1,5, амаль 2 гадзіны зрабілі ўсё. Вельмі добра, што нам далі два даволі самабытных абразы Гомельскай школы…”.
І далей… І далей… Усяго колькі старонак у гэтым дзённіку… У гэтай экспедыцыі… Але такая пяшчота ад іх напаміну пра Радзіму … Кажуць, заўжды на пытанне: “Адкуль вы?” — пані Вольга адказвала выключна: “З Лоева!”.
Тыя словы — пра вяртанне ў родны Лоеў праз 40 гадоў, — і сталі заглаўнымі на нашай выставе, прысвечанай памяці пра яе і пра яе любоў да роднага краю.
І сама выстава — бы рэквіэм-напамін і пра саму Вольгу Церашчатаву, і пра ейную справу — палявыя экспедыцыя, камеральную работу этнографа і мастацтвазнаўцы і, як самы важкі плён працы даследчыцы — створаны ёй Музей старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук. А таксама напамін і пра роды ейны Лоеў — такі, якім яна яго запомніла з дзяцінства
Таму на выставе можна будзе пабачыць і музейныя прадметы, якія пані Церашчатава разам са сваімі паплечнікамі збіралі ў Лоеве па ўсёй Беларусі: абразы, ручнікі, адзенне… Можна будзе пабачыць і лоеўскую мяккую этнаграфію са збораў мясцовых музейных рупліўцаў даўніны. Таксама можна будзе паглядзець і экранную экспазіцыю з фрагментамі стужкі “Ваджэнне русалкі”. Кожны наведвальнік зможа і прагартаць палявыя дзённікі пані Вольгі, пісаныя ёй у экспедыцыях…
А паглядзець на саму пані Вольгу таксама можна будзе. У рамках праекта мае экспанавацца тактоўны і кранальны партрэт стваральніцы музея старажытнабеларускай культуры работы знакамітага беларускага мастака, мастацтвазнаўцы і паплечніка першай дырэктаркі акадэмічнага музея Юрыя Піскуна.
 
P.S.: Дарэчы, Музей старажытнабеларускай культуры, як яго ведаюць аматары і даўніны, і сучасных выкшталцоных багемных фланаванняў, — гэта сапраўды перліна беларускіх музеяў. Яго калекцыя, магчыма, і не самая багатая па колькасці сабраных прадметаў, хаця дакладна не такая і маленькая… Але, галоўнае, яна — бадай самая багатая па сваім змесце, падабраная пяшчотна і тактоўна яго супрацоўнікамі, з густам і эстэтычным, і навуковым.
Толькі што як гэта музей не “публічны” — а насамрэч гэта не самастойны музей, а аддзел Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — то і трапіць у яго не заўжды проста. Але… Трапіць у яго абавязкова мусіць кожны. Тым больш, што пасля маштабнай сёлетняй рэнавацыі падрыхтаваная да адкрыцця новая экспазіцыя…
 
105