«Адлюстраванні»


У 2019 годзе святкуюцца 115 год са дня нараджэння Алеся Дудара, 220 год са дня нараджэння Аляксандра Пушкіна, 270 год са дня нараджэння Іагана Гётэ. З гэтай нагоды Літаратурны музей Петруся Броўкі стварае выставу “Адлюстраванні”, якая акцэнтуе ўвагу на містычных супадзеннях лёса Алеся Дудара з лёсамі Аляксандра Пушкіна і Іагана Гётэ – паэтамі, творы якіх ён перакладаў.

Пераклад – гэта адлюстраванне арыгінальнага тэксту, якое патрабуе і мастацкіх здольнасцей, і таленту. У творчым працэсе перакладчык на нейкі час амаль пераўвасабляецца ў аўтара, жыве думкамі, ідэямі, нават рытмам і мелодыкай арыгінальнага твора, адчувае ўнутраны свет яго герояў. Пераклад становіцца нібы люстэркам, якое адлюстроўвае вобразы арыгінала сродкамі іншай мовы, для носьбітаў іншай культуры.

Выстава “Адлюстраванні” ўпершыню прадставіць вашай увазе матэрыялы з асабістага архіва сям’і Алеся Дудара. Таксама вы ўбачыце музейныя прадметы з фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, матэрыялы з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.