Выстава «Genius loci. Genius lost»


З 2 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3) пачне работу мастацкі праект «Genius loci. Genius lost / Геній месца. Геній згубленасці».
 
Куратарка: Дзіна Даніловіч
Удзельнікі: Яўген Атцецкі, Аксана Веніямінава, Жанна Гладко, Дзіна Даніловіч, Андрэй Дубінін, Вольга Кірылава, Сяргей Лескець, Сяржук Мядзведзеў, Ігар Саўчанка, Вольга Хахлова, Аляксей Яршэвіч.
 
Зыходнай кропкай гэтага праекта стаў плэнер у арт-вёсцы Каптаруны, натхняльным і містычным месцы на мяжы Беларусі і Літвы. Шукаючы ці выдумляючы свае «месцы сілы» ў «беларускай Шамбале», як яшчэ называюць той край, фатографы намагаліся згубіцца ў незнаёмым ландшафце і адкрыць яго і сабе наноў.

Але «геній месца» аказаўся каварным. Ландшафт пачаў зацягваць, адкрывацца і адштурхоўваць. Ён прымушаў узірацца ў далягляд і шукаць новыя кропкі ўваходу. Ён не адпускаў. Каптаруны як месца збянтэжанасці, згубленасці сябе і спасціжэння пачалі «разрастацца» і ўзнікаць у новых мясцінах, краявідах, гарадах - не толькі беларускіх. Каптаруны пераўтварыліся ў персанальны выклік, на які мусіш адказаць у пэўны момант часу. Адлюстраваць сябе на сятчатцы вока свету.

А ўсе пачыналася крыху інакш.

Genius loci. Genius lost

Кожнае новае месца дае нам магчымасць перастварыць сябе. Ці гэта новыя гарады, альбо прыродныя ландшафты, якіх мы раней не бачылі, але знаходжанне ў новым атачэнні дазваляе нам хоць на пэўны момант стаць ананімнымі. Забыць свае імя як адну са звыклых ідэнтычнасцяў, і зрабіць гэта з асалодай. Мы «раствараемся» ў месцы, знікаем у ім, каб потым - наладжваючы з ім жа кантакт, шукаючы яго дух (genius loci), - даць сабе новае імя, якое, як ні дзіўна, можа мець тыя ж літары. Мы мусім згубіцца ў гэтым новым месцы, каб знайсці сябе ў новай якасці.

Ці прасцей гэта зрабіць фатографу чым, скажам, звычайнаму вандроўніку? І так, і не. Фатограф тут знаходзіцца паміж двума модусамі.

З аднаго боку, ён прагне новых светаў, каб схапіць іх у «сілкі свайго свавольнага зроку». Ды далей, патрабуючы больш ад свайго вока, яму часта складана канчаткова «адпусціць» сябе. З іншага, будучы і больш уразлівым да бачнага, фатограф парадаксальным чынам здольны выбудаваць «сюррэальную дыстанцыю» паміж сабой і светам, дазволіўшы апошняму набыць новыя абліччы. Іншымі словамі, месца таксама прагне быць убачаным, каб пацвердзіць свой геній. Яно мае патрэбу ў тым, каб яго знайшоў мастак.

Так чый жа позірк мацнейшы пры гэтай сустрэчы - фатографа ці месца? Яны залежаць адзін ад аднаго. Фатографу патрэбны момант згубленасці (назавем яго genius lost), каб выбудаваць наноў свае стасункі са светам. А свету (месцу) важна быць адкрытым, каб выявіць свой дух.

Genius lost. Genius loci. І наадварот.

Тэкст / Дар'я Амяльковіч
 
У межах суправаджальнай праграмы праекта 21, 22, 28 і 29 ліпеня ў 18.30 адбудуцца экскурсіі з куратаркай і аўтарамі праекта, на якіх яны распавядуць пра ідэю стварэння праекта, працу над экспазіцыйным рашэннем выставы і сваімі творамі.
 
Выстава працягнецца па 1 жніўня 2021 года.
Узроставае абмежаванне 12+
 
Кошт квітка: 6 р. / 3 р. (поўны / ільготны - агульны квіток на ўсе выставы, якія праходзяць у гэты час у НЦСМ на вул. Някрасава, 3)
Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00
Каса: +375 (17) 281-74-79
Інфармацыя: +375 (17) 399-09-78, +375 (17) 235-03-32

172